1Ці мудрасьць не заклікае? і ці розум ня ўзносіць свой голас?
2Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях;
3яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы:
4"Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас!
5Навучэцеся, невукі, добрай разумнасьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя.
6Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць - гідота для вуснаў маіх;
7усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;
8усе яны простыя разумнаму і справядлівыя тым, хто здабыў веды.
9Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;
10бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.
11Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.
12Страх Гасподні - ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступныя вусны я ненавіджу.
13У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.
14Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.
15Мною кіруюць уладыкі і вяльможы, і ўсе судзьдзі праведныя.
16Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;
17багацьце і слава са мною - скарб нятленны, і праўда;
18плады мае лепшыя за золата, і золата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.
19Я хаджу дарогаю праўды, сьцежкамі правасудзьдзя,
20каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я напаўняю.
21Гасподзь меў мяне ад пачатку дарогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:
22адвеку была я памазаная, ад пачатку, ад правеку зямлі.
23Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, багатых вадою.
24Я нарадзілася перш, чым былі пастаўлены горы, раней за пагоркі,
25калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.
26Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверхняю бездані,
27калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,
28калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў асновы зямлі:
29тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,
30радуючыся на зямным коле Яго, і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.
31Цяпер, дзеці, паслухайце мяне; і шчасныя тыя, што будуць ахоўваць шляхі мае!
32Паслухайце настаўленьня, і мудрымі станьце, і не адступайцеся ад яго.
33Шчасны той чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень каля варотаў маіх і вартуючы дзьверы мае!
34Бо, хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё, і атрымае мілату ад Госпада;
35а хто грэшыць супроць мяне, учыняе шкоду душы маёй: усе тыя, што ненавідзяць мяне, любяць сьмерць".