Выслоўi 9:1-18 BBS2002 - Bible AI

1Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,

2закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;

3паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:

4"хто неразумны, хай прыйдзе сюды!" А недавумкам сказала:

5"ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;

6адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці".

7Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе.

8Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;

9дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.

10Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум;

11бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.

12Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш.

13Жанчына бяз розуму - крыклівая, дурніца - ні ў чым не абазнаная,

14сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях,

15каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе:

16"хто дурны, заварочвай сюды!", а неразумным кажа яна:

17"вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны".

18Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.

>