Да Рымлянаў 10:1-21 BBS2002 - Bible AI

1Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне.

2Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму.

3Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай;

4бо канец закона - Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.

5Майсей піша пра праведнасьць ад закона: "чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім".

6А праведнасьць ад веры так кажа: "не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?" - каб Хрыста зьвесьці;

7альбо: "хто сыдзе ў бездань?" - каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці.

8А што кажа Пісаньне? "Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім" - слова веры, якое прапаведуем.

9Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся;

10бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.

11Бо Пісаньне кажа: "кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе".

12Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае.

13Бо "кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца".

14Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка?

15І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: "якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!"

16Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: "Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?"

17Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне - ад слова Божага.

18Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, "па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы".

19Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: "Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым".

20А Ісая сьмела маўляе: "Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне".

21А пра Ізраіля кажа: "цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага".

ticle>