Да Рымлянаў 15:1-33 BBS2002 - Bible AI

1Мы, моцныя, павінны насіць немачы бясьсілых і не сабе дагаджаць:

2кожны з нас мусіць дагаджаць блізкаму, на дабро, у навучаньне.

3Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, а як напісана: "ліхаслоўе тых, што ліхасловяць Цябе, упала на Мяне".

4А ўсё, што пісана было раней, напісана нам дзеля настаўленьня, каб мы цярплівасьцю і суцяшэньнем зь Пісаньняў захоўвалі надзею.

5А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам быць у аднадумстве паміж сабою, паводле вучэньня Хрыста Ісуса,

6каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.

7Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас на славу Божую.

8Разумею тое, што Ісус Хрыстос зрабіўся слугою абрэзаных - дзеля ісьціны Божай, каб выканаць абяцанае бацькам,

9а язычнікам - зь літасьці, каб славілі Бога, як напісана: "за тое буду славіць Цябе, (Госпадзе), сярод язычнікаў і буду сьпяваць імені Твайму".

10І яшчэ сказана: "узьвесялецеся, язычнікі, з народам Ягоным".

11І яшчэ: "хвалеце Госпада, усе язычнікі, і праслаўляйце Яго, усе народы".

12Ісая таксама кажа: "будзе корань Есэеў, і паўстане валодаць народамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць".

13А Бог надзеі хай напоўніць вас усякай радасьцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Сьвятога, узбагаціліся надзеяю.

14І сам я пэўны за вас, браты мае, што і вы поўныя даброці, поўныя ўсякага веданьня і можаце настаўляць адно аднаго;

15але пісаў вам, браты, з пэўнай адвагаю, часткова як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне ад Бога мілаты

16быць слугою Ісуса Хрыста ў язычнікаў і выконваць сьвяшэнную службу зьвеставаньня Божага, каб гэтае прынашэньне язычнікаў, асьвечанае Духам Сьвятым, было спадобнае Богу.

17І вось, я магу пахваліцца ў Ісусе Хрысьце тым, што ідзе ад Бога;

18бо не адважуся сказаць што-небудзь такое, чаго ня ўчыніў Хрыстос празь мяне, у скарэньні язычнікаў у веру, словам і ўчынкам,

19сілаю азнакаў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што зьвеставаньне Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліма і навакольляў да Ілірыка.

20Пры тым я стараўся зьвеставаць ня там, дзе ўжо было вядомае імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужым падмурку,

21а як напісана: "каму пра Яго не абвяшчалася, убачаць, і тыя, што ня чулі, уведаюць".

22Якраз гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсьці да вас.

23А сёньня, ня маючы такое справы ў гэтых краінах, а з даўніх гадоў жадаючы прыйсьці да вас,

24як толькі выпраўлюся ў Іспанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі, і што вы праводзіце мяне туды, як толькі нацешуся лучнасьцю з вамі, хоць трохі.

25А цяпер я іду ў Ерусалім, каб паслужыць сьвятым;

26бо Македонія і Ахая рупяцца нешта ўдзяліць бедным сярод сьвятых у Ерусаліме.

27Рупяцца, ды і вінаватыя яны перад імі. Бо, калі язычнікі зрабіліся ўдзельнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цялесным.

28Выканаўшы гэта і верна перадаўшы ім гэты плод рупнасьці, я выпраўлюся праз вашыя мясьціны ў Іспанію,

29і ўпэўнены, што калі прыйду да вас, дык прыйду з поўным дабраславеньнем зьвеставаньня Хрыстовага.

30Тым часам малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, паспрыяць мне ў малітвах за мяне да Бога,

31каб пазбыцца мне няверуючых у Юдэі, і каб служэньне маё Ерусаліму было даспадобы сьвятым,

32каб мне ў радасьці, калі Богу заўгодна, прыйсьці да вас і супакоіцца з вамі.

33А Бог згоды хай будзе з усімі вамі. Амін.

ticle>