Песьня 1:1-17 BBS2002 - Bible AI

1Найвышэйшая песьня Саламонава.

2Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.

3Ад водару мазяў тваіх імя тваё - як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.

4Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; - цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; - больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!

5Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.

6Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, - вінаграднікі вартаваць мне казалі, - свайго вінаградніка я не ўпільнавала.

7Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?

8Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.

9З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.

10Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;

11зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.

12Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.

13Мне мой мілы - як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,

14мне мой мілы - як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.

15Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы - дзьве галубіцы!

16Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш - зелень;

17стрэхі дамоў нашых - кедры, столі іх - кіпарысы.