Псалтыр 10:1-27 BBS2002 - Bible AI

1Сьпявайце Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя, бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.

2[Хэт] Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, - Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,

3каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.

4[Тэт] Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.

5Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх.

6[Ёд] Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, - усе народы, што забываюць Бога,

7[Каф] бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.

8Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.

9Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны.

10[Ламэд] Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?

11Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.

12[Мэм] Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.

13[Нун] Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; "не спагоніць"; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!

14[Аін] У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;

15і кажа ў сэрцы сваім: "не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха".

16[Пэ] Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.

17[Цадэ] Сядзіць у засадзе ў задвор'і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;

18у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,

19згінаецца, прыпадае, - і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;

20кажа ў сэрцы сваім: "забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі".

21[Каф] Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.

22Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: "Ты не спагоніш?"

23[Рэш] Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.

24[Шын] Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.

25Гасподзь - цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.

26[Тав] Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,

27каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.

e>