Псалтыр 145:1-20 BBS2002 - Bible AI

1Хвала Давідава. Хваліць буду Цябе, Божа мой, Цару мой, і дабраслаўляць імя Тваё векі вечныя.

2Кожны дзень дабраслаўляць буду Цябе і хваліць імя Тваё векі вечныя.

3Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі, і веліч Ягоная недасьледная.

4Род у род будзе хваліць дзеі Твае і абвяшчаць магутнасьць Тваю.

5Буду казаць пра моц страшных дзеяў Тваіх, і я буду абвяшчаць веліч Тваю.

6Будуць абвяшчаць памяць вялікай даброці Тваёй і распавядацьмуць праўду Тваю.

7Шчодры і міласэрны Гасподзь, вельмі цярплівы і вельмі мілажальны.

8Добры Гасподзь да ўсіх, і шчадроты Ягоныя на ўсіх дзеях Ягоных.

9Хай славяць Цябе, Госпадзе, усе дзеі Твае, і хай дабраслаўляюць Цябе сьвятыя Твае;

10хай прапаведуюць славу царства Твайго і распавядаюць пра магутнасьць Тваю,

11каб перадаць сынам чалавечым пра моц Тваю і пра слаўную веліч царства Твайго.

12Царства Тваё - царства ўсіх вякоў, і валадарства Тваё - ва ўсе роды.

13Гасподзь падтрымлівае ўсіх, хто падае, і падымае ўсіх, хто ўпаў.

14Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу сваім часам;

15адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі.

16Праведны Гасподзь на ўсіх дарогах Сваіх і добры ва ўсіх дзеях Сваіх.

17Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.

18Жаданьне тых, што баяцца Яго, Ён выконвае, скаргі іхнія чуе, і ратуе іх.

19Асланяе Гасподзь усіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожных зьнішчае.

20Вусны мае вымавяць хвалу Гасподнюю, і хай дабраслаўляе ўсякае цела сьвятое імя Ягонае вечна.

le>