Псалтыр 26:1-12 BBS2002 - Bible AI

1Псальма Давідава. Рассудзі мяне, Госпадзе, бо хадзіў я ў беспахібнасьці маёй, і, у надзеі на Госпада не пахіснуся.

2Выпрабуй мяне, Госпадзе, растапі мне вантробы і сэрца маё,

3бо міласьць Твая перад маімі вачыма, і ў праўдзе Тваёй я хадзіў,

4не сядзеў я зь людзьмі аблуднымі і з падступнымі не пайду;

5я зьненавідзеў зборню зламысьнікаў, і зь бязбожнікамі ня сяду;

6буду мець у нявіннасьці рукі мае і абыходзіць Твой ахвярнік, Госпадзе,

7каб абвяшчаць Табе голасна славу і пра ўсе цуды Твае расказаць.

8Госпадзе! палюбіў я жытло Твайго дома і месца, дзе слава Твая жыве.

9Не загубі душы мае з грэшнікамі і жыцьця майго з крыважэрнымі,

10у чыіх руках ліхадзейства, і чыя правіца поўная зьдзірства.

11А я хаджу ў сваёй беззаганнасьці; вызвалі мяне, і ўмілажалься зь мяне.

12Нага мая стаіць на роўным; на сходах праслаўлю Госпада.

e>