Псалтыр 29:1-11 BBS2002 - Bible AI

1Псальма Давідава. Напрыканцы сьвята Кучак. Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і чту,

2аддайце Госпаду славу імя Ягонага; пакланецеся Госпаду ў пышнай сьвятасьці Ягонай.

3Голас Гасподні над водамі, Бог славы загрымеў, Гасподзь над вялікімі водамі.

4Голас Гасподні моцны; голас Гасподні велічны.

5Голас Гасподні ламае кедры; Гасподзь ламае кедры Ліванскія

6і прымушае іх скакаць, як цялят, Ліван і Сірыён - як маладога аднарога.

7Голас Гасподні выкрасае полымя вогненнае.

8Голас Гасподні трасе пустыню; трасе Гасподзь пустыню Кадэс.

9Голас Гасподні прымушае касуль каціцца, і агаляе лясы; і ў храме Ягоным абвяшчае пра славу Ягоную.

10Гасподзь сядзеў над патопам, і сядзецьме Гасподзь царом вечна.

11Гасподзь дасьць сілу народу Свайму; Гасподзь дабраславіць народ Свой мірам.

e>