Псалтыр 33:1-22 BBS2002 - Bible AI

1Псальма Давідава. Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць!

2Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры;

3новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем,

4бо слова Гасподняе - шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя.

5Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца.

6Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных - усе сілы нябесныя.

7Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах.

8Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце,

9бо сказаў Ён - і сталася; Ён загадаў - і зьявілася.

10Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў.

11А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага - з роду ў род.

12Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, - племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе.

13Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых;

14з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі:

15Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям.

16Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла.

17Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю.

18Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,

19што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.

20Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;

21Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.

22Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.

e>