1Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці - за дзень нараджэньня.
2Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.
3Смутак лепшы за сьмех; а сэрца бязглуздых - у доме вясёлым.
4Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;
5бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта - марнасьць!
6Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.
7Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.
8Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.
9Не кажы: "чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?" - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.
10Добрая мудрасьць - як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:
11бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.
12Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.
13У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.
14Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.
15Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
16Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?
17Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.
18Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.
19Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;
20таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.
21Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.
22Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: "буду я мудры"; але мудрасьць далёка ад мяне.
23Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?
24І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.
25І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна - сетка, і сэрца ў яе - пастка, рукі ў яе - кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.
26Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.
27Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.
28Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.