1І было слова Гасподняе Іую, сыну Ананьеваму, пра Вааса:
2за тое, што Я падняў цябе з пылу і зрабіў цябе правадыром народу Майго Ізраіля, а ты пайшоў шляхам Ераваама і ўвёў у грэх народ Мой Ізраільцянаў, каб ён гневаў Мяне грахамі сваімі,
3вось, Я адкіну дом Ваасы і дом нашчадкаў ягоных і зраблю з домам тваім тое самае, што з домам Ераваама, сына Наватавага;
4хто памрэ ў Ваасы ў горадзе, таго зьядуць сабакі; а хто памрэ ў яго на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя.
5Астатнія дзеі Ваасы, усё, што ён зрабіў, і подзьвігі яго апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
6І спачыў Вааса з бацькамі сваімі і пахаваны ў Тырцы. І зацараваў Іла, сын ягоны, замест яго.
7Але празь Іуя, сына Ананьевага, ужо было слова Гасподняе пра Ваасу і пра дом ягоны і пра ўсё ліха, якое ён чыніў перад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх, пераймаючы дом Ераваамаў, за што ён вынішчаны быў.
8У дваццаць шосты год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Іла, сын Ваасаў, над Ізраілем у Тырцы і валадарыў два гады.
9І склаў змову супроць яго раб ягоны Замврый, які начальнічаў над палавінай калясьніц. Калі ён у Тырцы напіўся дап'яна ў доме Арсы, які начальнічаў над палацам у Тырцы,
10тады ўвайшоў Замврый, пабіў яго і забіў, у дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, і зацараваў замест яго.
11Калі ён зацараваў і сеў на троне ягоным, дык вынішчыў увесь дом Ваасы, не пакінуўшы яму ні таго, хто мочыцца да сьцяны, ні сваякоў ягоных, ні сяброў ягоных.
12І зьнішчыў Замврый увесь дом Ваасаў, па слове Госпада, якое Ён мовіў пра Вааса празь Іуя прарока,
13за ўсе грахі Ваасы і за грахі Ілы, сына ягонага, якія яны самі рабілі і якімі ўводзілі Ізраіля ў грэх, раздражняючы Госпада Бога Ізраілевага сваімі ідаламі.
14Астатнія дзеі Ілы, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
15У дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Замврый і валадарыў сем дзён у Тырцы, Калі народ аблажыў Гаватон Філістымскі.
16Калі народ-абложнік дачуўся, што Замврый склаў змову і забіў цара, дык усе Ізраільцяне паставілі царом Амврыя, ваеначальніка над Ізраілем, у той самы дзень у табары.
17І адступілі Амврый і ўсе Ізраільцяне зь ім ад Гаватона і аблажылі Тырцу.
18Калі ўбачыў Замврый, што горад узяты, увайшоў ва ўнутраны пакой царскага дома і запаліў за сабою царскі дом агнём і загінуў
19за свае грахі, у чым ён зграшыў, робячы благое перад вачыма Гасподнімі, ходзячы шляхам Ераваама і ў грахах ягоных, якія той учыніў, каб увесьці Ізраіля ў грэх.
20Астатнія дзеі Замврыя і змова ягоная, якую - ён склаў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
21Тады падзяліўся народ Ізраільскі напалам: палавіна народу стаяла за Тамнія, сына Ганатавага, каб паставіць яго царом, а палавіна за Амврыя.
22І ўзяў верх народ, які за Амврыя, над народам, які за Тамнія, сына Ганатавага, і памёр Тамній, і зацараваў Амврый.
23У трыццаць першы год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Амврый над Ізраілем і валадарыў дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў.
24І купіў Амврый гару Семярон у Сяміра за два таланты срэбра, і забудаваў гару, і назваў пабудаваны ім горад Самарыяй, па імю Сяміра, уладальніка гары.
25І рабіў Амврый благое перад вачыма Госпада і ўчыняў горш за ўсіх, што былі да яго.
26Ён ва ўсім хадзіў шляхам Ераваама, сына Наватавага, і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраільцянаў, каб гнявіць Госпада Бога Ізраілевага ідаламі сваімі.
27Астатнія дзеі Амврыя, якія ён учыніў, і мужнасьць, якую ён паказаў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
28І спачыў Амврый з бацькамі сваімі і пахаваны ў Самарыі. І зацараваў Ахаў, сын ягоны, замест яго.
29Ахаў, сын Амврыеў, зацараваў над Ізраілем у трыццаць восьмы год Асы, цара Юдэйскага, і валадарыў Ахаў, сын Амврыя, над Ізраілем у Самарыі дваццаць два гады.
30І рабіў Ахаў, сын Амврыеў, незаўгоднае перад вачыма Госпада больш за ўсіх, што былі да яго.
31Мала было яму ўпадаць у грахі Ераваама, сына Наватавага; ён узяў сабе за жонку Езавэль, дачку Этваала, цара Сідонскага, і пачаў служыць Ваалу і пакланяцца яму;
32і паставіў ён Ваалу ахвярнік у капішчы Ваала, які пабудаваў у Самарыі.
33І зрабіў Ахаў дуброву, і больш за ўсіх цароў Ізраільскіх, якія былі да яго, Ахаў рабіў тое, што раздражняе Госпада Бога Ізраілевага.
34У яго дні Ахііл Вэфілянін пабудаваў Ерыхон: на першынцы сваім Авіраме ён паклаў аснову яго і на малодшым сваім сыне Сэгубе паставіў браму яго, па слове Госпада, якое Ён сказаў празь Ісуса, сына Нава.